Салодкі, як гісторыя ВКЛ, з гаркаватым прысмакам нашай долі -
сапраўдны беларускі дэсерт да каляднага стала


Націсніце, альбо прагарніце, каб пасмакаваць

Рэцэпт

Жэле «Беларусь» складаецца з двух колераў - традыцыйных для беларускай зямлі цнатліва-белага і рубінава-чырвонага. На смак дорыць пазнавальныя ноткі крэмавага пудзінга, якім ласавалася нашая шляхта яшчэ ў XVI стагоддзі, і выразную горыч журавін - сімвал крывіцкіх балот. Мае аксамітную паверхню зрэза і пяшчотную душу.

Гатуйце прысмак у добрым настроі, каб усе інгрыдыенты не згубілі сваіх патрыятычных уласцівасцяў.

  1. 125 мл.
    Малако3-5%
  2. 250 мл.
    Вяршкі33-35%
  3. 100 г.
    Цукар
  4. 8 г.
    Жэлацін
  5. 1 струк
    Ваніль
  6. 100 г.
    Журавіны
440
грам гатовага прадукту

Тое, у якія формы вы будзеце разліваць жэле «Беларусь» і вырашыць колькасць порцый.

Пачынаем з жэлаціну.

Замочваем яго ў ледзяной вадзе (гэта дапамагае захаваць усе жэлацінавыя ўласцівасці). Нам спатрэбіцца 8 грам, вады дадаем роўна ў 6 разоў больш (48 грам) і размешваем.

Чакаем, пакуль жэлацін стане мяккім і набрыне, гэта хвіліны 3-4.

Папрацуем з ваніллю.

Струк павінен быць мяккім і вільготным. Калі ў вас у руках цвёрдая палачка, выкіньце яе ў сметніцу.

Разразаем акуратна сцябло ўздоўж і дастаем насенне ванілі зваротным бокам нажа з абодвух палавінак. Ніякія эсэнцыі, ванілін і нават экстракт тут не дапамогуць паўтарыць вытанчаны смак шляхетнага прысмака. Таму лепш зусім адмовіцца ад ванільнага водару, чым замяняць струк ванілі.

Далей працуем «на вока», каб рэзультат атрымаўся напраўду беларускім.

Кожны наступны інгрэдыент бярэм удвая менш, чым папярэдні. Вяршкі (250 г.), малако (125 г.) і цукар (60 г, можна зменшыць і да 40, калі сваякі працуюць на «Камунарцы») змешваем у адным рондалі.

Туды ж выпраўляем насенне ванілі і палавінкі струка.

Ставім на пліту, агонь сярэдні.
Даводзім да кіпення.

Як толькі маса закіпела, здымаем з агню.

Вымаем струк ванілі.

Дадаем усю масу жэлаціна. Тут важна памятаць, што жэлацін добра распушчаецца пры 82-85о. Так што не трэба спяшацца, але і занадта цягнуць не варта, інакш маса астыне.

Адразу змешваем ўсё венцам. Трэба проста акуратна размяшаць масу, каб увесь жэлацін разышоўся. Калі моцна ўзбоўтаць усё будзе з бурбалкамі і дэсерт не атрымаецца такім далікатным, як беларускія паненкі.

Разліваем па формах.

Лепш выкарыстоўваць сіліконавыя формы, іх не трэба ні чым змазваць. Але жэле «Беларусь» можна разліць і ў шклянкі ці простыя парцалянавыя кубачкі.

Даем масе злёгку астыць і кладзем у лядоўню. Для поўнага застывання жэлаціну трэба каля 5 гадзін.

А пакуль белы колер нашага патрыятычнага ласунку застывае, зробім чырвоную з кіслінкаю, як пацалунак зубра, частку жэле «Беларусь».

Журавіны (100 гр.) (можна замарожаныя) засыпаем у рондаль, дадаем цукар (каля 40 гр.).

Ставім на пліту, агонь слабы.
Даводзім да кіпення.

Калі вылучылася мала соку, то можна дадаць трохі вады. Праціраем праз сіта, каб пазбавіцца ад скуркі. Астуджаем. Дадаем некалькі цэлых ягад.

Дастаем з лядоўні белую, як травеньская яблыня, частку жэле «Беларусь».

Далікатна разразаем яе пасярэдзіне і заліваем паміж часткамі чырвоную, як летняя заранка, журавінавую масу.

  • - Жэле «Беларусь»?
  • - Жэле!

Вечар з жэле «Беларусь»

Запрашайце сяброў на калядныя і навагоднія вечары з гарбатай альбо глінтвейнам, пад зоркай звыкшталцонага дэсерту, у якім зліліся вытанчанае шляхецтва нашага гонару і стрыманая музыка нашай прыроды.

Жэле «Беларусь» утрымлівае ў сабе вітаміны Blr, Byr і Byn. Якія адказваюць за добры настрой і ўтрыманне беларушчыны ў касцях. Смачна есці!

Жэле вечна?!

Памятайце: каб адчуць сапраўдны беларускі смак не абавязкова смажыць бусла!

Васільковая гарбата разам з дэсертам «жэле «Беларусь» пад эпічную гульню «1514» заснаваную на нашай слыннай гісторыі, падвышаюць колькасць патрыятычных ферамонаў у паветры ў 103 разы, што можа прыводзіць да жадання пагаманіць па-беларуску, альбо заліць сэлфі з хэштэгам #жэлебеларусь у Instagram.

Будзьце пільнымі, не захоўвайце жэле больш чым 48 гадзін, бо яно губляе ўсе чароўныя якасці і пераўтвараецца ў «белшыну»!

#жэлебеларусь

Настольная гульня "1514"

Гульня закіне вас проста ў XVI стагоддзе, да самае Крапіўны. Гістарычныя каардынаты ўзнаўляюцца вокамгненна, а гульня праз колькі хвілінаў і хадоў больш не гульня - рэчы нашмат больш сур’ёзныя адчувае душа беларуса.